Сустрэча пачалася каля 9.30. Як высветліла брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пломэцка, учорашняя сустрэча амбасадараў “27” не прынесла ніякіх рашэнняў па гэтых пытаннях.
Што да 12-га санкцыйнага пакета, то адзіны прарыў апошніх дзён датычыўся пагаднення аб забароне імпарту расійскіх алмазаў. Пагадненне ў рамках групы G7 азначае, што ЕС увядзе эмбарга са студзеня.
Аднак іншыя элементы пакета пакуль абмяркоўваюцца, у тым ліку забарона на імпарт звадкаванага газу з Расіі.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Вугоршчына не пагаджаецца на гэта. Яны таксама выступаюць супраць пачатку перамоў з Украінай.
Нягледзячы на тое, што ў апошнім праекце прапаноў да саміту ЕС, які пачынаецца ў чацвер, Еўрапейская рада згаджаецца пачаць перамовы, пытанне не вырашана, і перамовы з Будапештам яшчэ працягваюцца. А за Венгрыяй стаіць група краін, у тым ліку Аўстрыя і Грэцыя, якая лічыць, што ЕС таксама павінен паабяцаць пачаць перамовы з Босніяй і Герцагавінай.
«Гэтыя краіны кажуць, што станоўчая інтэрпрэтацыя прагрэсу не можа датычыць толькі Украіны, якая не выконвае ўсіх умоў для пачатку перамоў», — сказаў адзін з дыпламатаў Еўрасаюза.
Застаецца нявырашаным і пытанне фінансавага пакета для Украіны ў памеры 50 мільярдаў еўра крэдытаў і грантаў на наступныя 4 гады. Тут справа больш складаная, бо супраціўленне ідзе не толькі з Венгрыі. Некалькі месяцаў таму Еўрапейская камісія прапанавала перагледзець бюджэт ЕС і павялічыць даступны пул на агульную суму 66 мільярдаў еўра, акрамя падтрымкі Украіны, таксама на міграцыю і пакрыццё выдаткаў на абслугоўванне запазычанасці, якая ўзнікла ў звязку з Фондам рэканструкцыі.
Аднак дзяржавы-сябры ЕС не жадаюць павялічваць свае ўзносы ў агульную казну. Група плацельшчыкаў вырашыла, што гатовая пагадзіцца на падтрымку толькі Украіны, што выклікала неадназначную рэакцыю. Краіны, якія карыстаюцца шчодрай падтрымкай у рамках палітыкі рэгіянальнага развіцця, у сваю чаргу лічаць небяспечнымі палажэнні, якія дазваляюць скарачаць нацыянальныя выдаткі на гэтую мэту.
ПР/юл